«Маці ледзь не страціла прытомнасць…»

Інвалід-калясачнік Андрэй Мікалаеў 12 гадоў таму першым у краіне скокнуў з парашутам

8575f

У той дзень 26 мая надвор’е зранку не вельмі спрыяла палётам. Андрэй прачнуўся ў звычайны час, злавіў сябе на думцы, што амаль не хвалюецца, і пачаў чакаць званка. Апоўдні патэлефанавалі з Баравой: шанец — пяцьдзясят на пяцьдзясят. А літаральна праз гадзіну з трубкі прагучала доўгачаканае: «Збірайся, едзем!»

— Аднойчы я прачытаў, што ёсць такія парашуты, якія дазваляюць нерухомаму чалавеку скокнуць у тандэме з інструктарам, — гаворыць ён. — Даведаўся, што і на Захадзе, і ў Расіі інваліды так ужо рабілі. Нарадзілася ідэя і самому ажыццявіць мару дзяцінства. Пачаў высвятляць, ці можна гэта зрабіць у нас. Напісаў ліст у Мінскі аэраклуб, у якім расказаў пра сябе і сваё жаданне. Мне адразу патэлефанавалі і паведамілі, што такога парашута пакуль няма і яго толькі збіраюцца набыць у крэдыт. Але праз некалькі месяцаў ён у іх з’явіўся. Потым мы неаднаразова сустракаліся, каб усё абмеркаваць. Родным я тады не сказаў, да чаго рыхтуюся, толькі сябрам.

8576f

Пра тое, што Андрэй задумаў зрабіць, яго маці, настаўніца гісторыі, даведалася з газет толькі за 2 тыдні да скачка.

— Ёй прынеслі на ўрокі артыкул, і калі яна яго прачытала, то ледзь не страціла прытомнасць, — успамінае наш герой.

Святлана Валянцінаўна тады ўзгадала другі, фатальны, скачок, які прыкаваў яе сына да інваліднай каляскі. А здарыўся ён шэсць гадоў таму.

— Мы паехалі ў Раўбічы адзначаць дзень нараджэння аднаго з сяброў. У час адпачынку я чамусьці вырашыў залезці на елку. Быў цвярозы, — папярэджвае відавочнае пытанне Андрэй. — Гэта было нейкае надзвычайнае ўмяшальніцтва ў маё жыццё, зацямненне свядомасці. Я і зараз не магу патлумачыць. Такога проста не магло быць і як здарылася, невядома: на дрэвы я ніколі не лазіў, тым больш на такія тоненькія елачкі. Як увогуле на яе залез, загадка. Калі падняўся метраў на шэсць, пачуў трэск…

8581f

Зваліўся, але хутка апрытомнеў і праз некалькі хвілін адчуў рэзкую боль у шыі.

— Потым яна пачала прытупляцца, захацелася спаць. Я разумеў, што са мной здарылася штосьці вельмі кепскае, бо нічога не рухалася. Людзі вакол вельмі турбаваліся, і таму я максімальна праяўляў прыкметы жыцця: нешта гаварыў, усміхаўся. Калі «хуткая» прыехала з Лагойска, сябрам трэба было мяне з лесу яшчэ да яе данесці. Каб падтрымліваць іх і сябе, я спяваў турысцкія песні.

ЧИТАЙТЕ ТАК ЖЕ:  Тамоксифен замедлял прогрессирование мышечной дистрофии Дюшенна

У раённай бальніцы Андрэй прабыў некалькі дзён, а потым яго перавезлі ў сталічны інстытут траўматалогіі.

— Медыкі не разумелі, чаму ў мяне нічога не дзейнічае. Праз тыдзень-два адвезлі мяне ў Аксакаўшчыну, дзе рэзанансны тамограф паказаў цяжкую траўму спіннога мозгу. А вось пазванкі пасля падзення трэснулі, змясціліся, разбурылі трэць спіннога могзу і нейкім чынам сталі на месца, — здзіўляе метамарфозамі свайго жыцця Андрэй Мікалаеў. — Ніхто пра наступствы мне не казаў, мабыць, баяліся, што будзе вялікая душэўная траўма. А вось родным і сябрам гаварылі, што я не жыхар на гэтым свеце, бо стан мой быў вельмі цяжкі.

8586f

Урачы зрабілі ўсё, што маглі: у бальніцы Андрэй прабыў 4,5 месяца і выжыў.

Дома ён пачаў вучыцца нанава жыць. Адольвалі розныя думкі, якія хацелася выкласці на паперы. Знайшлі выйсце: маці прыбінтоўвала да амаль нерухомай рукі Андрэя аловак, і ён пісаў.

— У мяне была поўная ізаляцыя, і я нешта крэмзаў, крэмзаў. Такім чынам з’явіліся вершы пра Айчыну, службу ў арміі, прыроду, пра ўсё тое, што хвалявала. Іх давялося прачытаць рэдактару Яўгену Крыцкаму з выдавецтва «Тэхнапрынт», і ў 2000 годзе ён дапамог выдаць кнігу пад назвай «Будем Жить, браток». Гэта быў дабрачынны праект, увесь тыраж — тысячу экзэмпляраў (акрамя таго, што раздалі на прэзентацыі) падаравалі мне. Я іх укладваў у лісты сябрам, якім тады часта пісаў, дасылаў у розныя бібліятэкі. Лічу, што гэта кніга — самая моцная з дзвюх, якія я напісаў, хоць у ёй некалькі дзясяткаў вершаў і яна тоненькая і маленькая.

8580f

Менавіта яе Андрэй разам з лістом адправіў у пасёлак Баравая.

— Калі мяне прывезлі на лётнае поле, там ужо былі сябры і журналісты. Змог адказаць на некалькі пытанняў, пачаў трохі хвалявацца. Потым мяне забралі, пераапранулі і панеслі ў самалёт. Са мной скакаў інструктар Юрый Стэфановіч, а на зямлі нас лавілі некалькі чалавек. Дзякуй Богу, усё прайшло добра.

Эмоцыі зашкальвалі. Вышыня скачка — 3 кіламетры, затрымка раскрыцця купала — 30 секунд, 1,5 км вольнага падзення.

Пра гэта Андрэй марыў з 9-га класа.

— Пасля 8-га я прыйшоў трэніравацца ў клуб юнага дэсантніка «Каскад». Два разы на тыдзень па вечарах мы з Шабаноў ездзілі на аўтазавод, дзе спачатку бегалі, а потым ішлі ў наш падвальчык, дзе праходзілі тэарэтычныя заняткі. Акрамя фізпадрыхтоўкі, былі парашутная, рукапашны бой. Да нас прыходзілі ветэраны-«афганцы», якія расказвалі вельмі цікавыя гісторыі. Менавіта тады я загарэўся жаданнем служыць у арміі.

ЧИТАЙТЕ ТАК ЖЕ:  Взрослые пациенты со СМА пожаловались на отсутствие лечения

8582f

Тэарэтычная парашутная падрыхтоўка паступова пераходзіла ў практычную. Юнакі пачалі ездзіць у Баравую трэніравацца складваць і раскладваць парашуты.

— Вясной нас адправілі на медкамісію, але я не прайшоў яе па зроку, — успамінае Андрэй. — Дарэчы, калі адбыўся мой першы скачок пасля траўмы, зрок быў намнога горшы. І я сумленна пра гэта казаў, але ж нічога, прапусцілі.

Гэта зараз ён лічыць, што можна было вырашыць праблему з медкамісіяй, знайсці іншага доктара, які не пабаяўся б і даў дазвол, а тады ён разгубіўся і перастаў хадзіць у клуб.

— Дурны быў, пакінуў і толькі зайздросціў ды крыўдзіўся, — жорстка характарызуе свае паводзіны Андрэй. — Праз паўгода вярнуўся, але ўжо перагарэў. Ды і ў клубе пачаліся праблемы. Так паступова пакінуў і пачаў рыхтавацца да выпускных.

8583f

Школу ён скончыў з сярэбраным медалём, чацвёрка была толькі па алгебры. Затым паступіў на фізфак БДУ. І ў першыя ж дні на факультэце пазнаёміўся с хлопцам, які расказаў яму пра турыстычны клуб.

— Мяне гэта адразу зацікавіла, і літаральна на наступны дзень я пайшоў туды на першую трэніроўку, — успамінае наш субяседнік. — А потым ледзь не кожныя выхадныя хадзіў у паходы. Сумяшчаць вучобу з клубам у мяне не атрымлівалася: я аддаваў перавагу турызму. Пасля першага семестра не змог здаць некалькі экзаменаў і зразумеў, што гэта не маё, забраў дакументы і пайшоў у ваенкамат. Аднак бацькі спалохаліся, таму што я ніколі не ўтойваў, што хачу служыць у «гарачых» кропках. Яны пачалі настойваць, каб я ўсё ж атрымаў адукацыю. Хоць якую. Я выбраў БДПА.

8578f

Паступіў хлопец без усялякіх намаганняў, але праз паўгода… зноў пайшоў у ваенкамат.

— Там так здзівіліся, што адаслалі мяне на абследаванне ў псіханеўралагічны дыспансер. У гэтай установе прыйшлося адказваць ажно на 600 пытанняў, каб у ваенкамаце пераканаліся, што я не дурны.

Так у студзені 1991 года Андрэй Мікалаеў трапіў на службу ў армію. Але яна не была падобная на тое, што ён сабе ўяўляў.

ЧИТАЙТЕ ТАК ЖЕ:  Главное – вера в себя! Белоруска в инвалидном кресле стала мастером спорта и мечтает объездить весь мир

— Шмат дзе служыў. Напрыклад, ва Украіне два месяцы мы разгружалі вагоны з гранатамі і снарадамі, што вывозілі з Германіі. А ў Прыднястроўі трапіў у перасыльную частку, якую называлі «чорнай» дывізіяй: славянскага кантынгенту там амаль не было.

Пасля арміі Андрэй вярнуўся ў Мінск і пайшоў працаваць на завод. Спрабаваў нават бізнесам заняцца, аднак зразумеў, што гэта не яго справа. А потым здарылася тая фатальная траўма.

8585f

Яна кардынальна змяніла яго жыццё: Андрэй страціў здольнасць рухацца самастойна і аказаўся прыкаваным да ложка і інваліднай каляскі. Вядома, хлопца падтрымлівалі і родныя, і сябры. Падарылі яму камп’ютар, дзякуючы якому ён з цягам часу адкрыў для сябе Інтэрнэт. Менавіта праз яго пазнаёміўся са сваёй жонкай Таццянай.

— Яна таксама пісала вершы. Мы зацікавіліся адно адным. Сустрэліся. Прыйшла закаханасць, потым сапраўднае каханне. Хаця пасля траўмы ў мяне і думак пра гэта не было: мне патрэбны быў догляд, сам нічога не мог. Але з Таццянай так атрымалася, што я спантанна, але свядома прапанаваў пажаніцца, і яна згадзілася. 12 кастрычніка 2002 года мы распісаліся ў загсе, а праз два тыдні павянчаліся.

8579f

У чэрвені 2010 года Андрэй скокнуў з парашутам другі раз у тандэме з Паўлам Блізнюком. Гэты скачок арганізавала рэжысёр-дакументаліст Вольга Дашук, якая зняла пра Мікалаевых дакументальны фільм «Тры кіламетры да неба».

— Скокнула і Таццяна. Потым мы дзяліліся сваімі ўражаннямі ў Інтэрнэце на шматлікіх сайтах, — успамінае Андрэй.

Сёння кожны дзень нашага героя праходзіць у будзённых клопатах: змаганне з хваробай, цярпенне, адпачынак і малітва. Час ад часу ён заходзіць у сацыяльныя сеткі, адказвае на пытанні зацікаўленых людзей.

— Зараз у мяне часта пытаюцца, ці хачу я зноў падняцца ў неба. На жаль, стан здароўя такі, што хачу я ці не хачу, гэта не мае ніякага значэння. Я рэалістычна гляджу на рэчы. Зараз у мяне ёсць іншая мара, але яе складана сфармуляваць, бо яна вельмі далёка ад гэтага свету.

8577f

Дарэчы

У 2012-м скокнула з парашутам у тандэме таксама калясачнік з Брэста Ганна Сірацюк.

А гомельскі інвалід з ДЦП Ігар Аненкаў з 2011-га здзейсніў больш за два дзясяткі самастойных скачкоў у Маскве.

8587f 8588f 8589f

8584f
Тэкст: Юлія ПАЛТАЎСКАЯ, «Р», Уладзімір СТАТКЕВІЧ, «Р», фота: архіў Андрэя і Таццяны МІКАЛАЕВЫХ

http://respublika.info/5891/special/article66105/

[youtube]http://www.youtube.com/watch?v=4trIDMfm1pQ[/youtube]

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *