Сем цудатворных ікон Беларусі

Сем самых вядомых сярод вернікаў і цікавых для гісторыкаў святынь. Паехаць і пакланіцца ім можа кожны жадаючы, балазе, ехаць не за блізкі свет, Усявышні збярог іх для нас у храмах нашай краіны.

Спрадвеку на нашай зямлі і сярод праваслаўных, і сярод каталікоў культ Багародзіцы быў асаблівы. Маці Божая — Заступніца, Апякунка, Збавіцельніца, Міласэрная. Беларускі народ шмат прыдумаў Ёй імёнаў, у якіх — непазбыўная надзея і самая шчырая вера. Можа, таму менавіта на Беларусі столькі прыгожых і вельмі праўдзівых, жыццёвых легенд аб Яе дзівосным з’яўленні, столькі камянёў-следавікоў — на іх відаць адбітак зграбнай ступні, і лічыцца, што такія сляды пакінула Багародзіца, ходзячы па нашай зямлі, столькі цудатворных ушаноўваемых ікон. Менавіта пра іх наконадні агульнага сёлета для ўсіх хрысціян вялікага свята мы і хочам расказаць.

Маці Божая Мінская

Гісторыя з’яўлення. Згодна з царкоўным паданнем, яе напісаў сам апостал і евангеліст Лука яшчэ пры жыцці Багародзіцы. Дзева Марыя благаславіла гэту выяву як знак сваёй пастаяннай жыццядайнай прысутнасці сярод людзей, сказаўшы, што ласка Божая будзе з гэтай іконай заўсёды.

Да 998 года ікона знаходзілася ў грэчаскім Корсуне, а пасля была прывезена князем Уладзімірам у Кіеў. Праз пяць стагоддзяў, у 1500 годзе войска крымскага хана Махмат-Гірэя спаліла горад дазвання, а адзін з татарскіх воінаў, садраўшы з іконы каштоўную рызу, кінуў абраз у Днепр. Праз нейкі час, 13 жніўня таго ж года, ікона цудоўным чынам, акружаная незвычайным святлом,  з’явілася на Свіслачы. З таго часу яна пабывала ў храмах розных канфесій, у музеі, на складзе, але ні разу не пакінула горад, які ўжо больш як пяцьсот гадоў ахоўвае. Сёння гэта адна з самых шануемых ікон у Беларусі.

Месца знаходжання. Мінскі кафедральны Свята-Духаў сабор. 

Маці Божая Баркалабаўская

Гісторыя з’яўлення. Ікона з’явілася ў Баркалабаўскім жаночым  манастыры непадалёк ад Быхава ў 50-я гады XVII стагоддзя. Згодна з гістарычнымі звесткамі, яна была захоплена войскамі цара Аляксея Міхайлавіча падчас вайны з Рэччу Паспалітай у адным з храмаў Цэнтральнай ці Заходняй Беларусі. Абраз везлі на ўсход як каштоўны трафей. Але калі абоз у 1659 годзе праязджаў паўз Баркалабаўскі манастыр, коні сталі як укапаныя. Захопнікам нічога не засталося, як пакінуць Адзігітрыю ў ігуменні манастыра.

З таго часу Баркалабаўская ікона стала адной з самых шануемых ва Усходняй Беларусі. Абраз, якому пакланяліся не толькі праваслаўныя, праславіўся цудамі падчас Паўночнай вайны і вайны 1812 года. Сяляне куплялі ў храмавыя святы васковыя фігуркі свойскай жывёлы і, прыклаўшы іх да іконы, неслі іх дамоў як найлепшы абярэг для сваёй гаспадаркі.

ЧИТАЙТЕ ТАК ЖЕ:  «Силы дает забота о дочери». Как бобруйчанин в инвалидной коляске сам воспитывает ребенка, подрабатывает и участвует в соревнованиях

У 1920 годзе Баркалабаўскі манастыр закрылі, але ікону святары і прыхаджане збераглі. Дарэчы, у 2008 годзе было прынята рашэнне аб адраджэнні Свята-Увазнясенскага манастыра. Так што хутка Баркалабаўская ікона вернецца туды, дзе была больш як дзвесце гадоў.

Месца знаходжання. Царква Святой Тройцы ў горадзе Быхаве Магілёўскай вобласці.

Маці Божая Купяціцкая

Гісторыя з’яўлення. Купяціцкая ікона Божай Маці — самая старажытная з яўленых дзівосным чынам на землях Беларусі. Абраз быў знойдзены ў 1182 годзе ля вёскі Купяцічы, што знаходзіцца там, дзе зліваюцца Ясельда і Прыпяць. Шасцігадовая дзяўчынка заўважыла яе на дрэве і прынесла дадому. Назаўтра ікона зноў ззяла на дрэве. І так некалькі разоў. Людзі зразумелі, што для іконы трэба ўзвесці храм. А абраз адразу праславіўся ў наваколлі як цудатворны. У 1240 годзе храм спалілі татары. Абраз палічылі страчаным. Але ён больш чым праз дзвесце гадоў абазначыў сябе дзівосным ззяннем на папялішчы храма. Царкву адбудавалі, і ікона заняла ў ёй належнае пачэснае месца. Пасля ў Купяцічах з’явіўся мужчынскі манастыр.

Ікона прабыла там да сярэдзіны XVII стагоддзя. Пасля праваслаўныя вывезлі яе ў Кіеў, бо манастыр стаў уніяцкім. Але нават у Кіеў палешукі ішлі пакланіцца заступніцы сваёй зямлі. Вярнуцца ў Купяцічы ёй не было суджана. Нават у ХІХ стагоддзі, калі ў Купяцічах зноў з’явіўся праваслаўны прыход, Свяцейшы Сінод адмовіў вернікам у просьбе вярнуць святыню. А ў канцы 20-х гадоў бязбожнага дваццатага стагоддзя ікона бясследна знікла з кіеўскага Сафійскага сабора.

І ўсё ж яна вярнулася на Палессе. Няхай сабе ў выглядзе дакладнай копіі (праўда, таксама старажытнай, зробленай у ХVII стагоддзі), якая таксама праславілася шматлікімі цудамі. Трэба зазначыць, што Купяціцкая — самая незвычайная з беларускіх цудатворных ікон. Яна — у форме невялікага (12 см у даўжыню, столькі ж у шырыню) меднага крыжа. На адным яго баку — Багародзіца з Дзіцем на левай руцэ, на адваротным — Распяцце.

Месца знаходжання. Свята-Мікалаеўская царква ў вёсцы Купяцічы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці.

Маці Божая Жыровіцкая

Уваходзіць у спіс 100 самых шануемых у свеце ікон. Шануецца ўсімі хрысціянскімі канфесіямі нашай краіны, лічыцца апякункай і заступніцай Беларусі.

Гісторыя з’яўлення. Нерукатворную ікону — рэльефную выяву Багародзіцы на авальным камені з яшмы, як сведчыць паданне і рукапісныя крыніцы, у 1470 годзе знайшлі пастухі ў лясным гушчары на квітнеючай грушы-дзічцы ля Жыровіцаў, уладальнікам якіх быў падскарбій Вялікага Княства Літоўскага Аляксандр Солтан. Спачатку Солтан, якому прынеслі знаходку, хацеў схаваць маленькі абразок у куфэрку, аднак ён адтуль дзіўным чынам прапаў, калі падскарбій захацеў паказаць яго сваім гасцям. Абразок зноў знайшлі па промнях святла на той самай грушы. Пабачыўшы ў гэтым здарэнні пэўны знак, Солтан пабудаваў на тым месцы храм. Сам каменны абраз упрыгожылі срэбрам і выставілі для агульнага ўслаўлення. Каля 1560 года храм згарэў, але абраз зноў знайшоўся дзівосным чынам: дзеці раптам заўважылі пад гарой на камені свечку, якая гарэла, а ля яе — незвычайнай прыгажосці жанчыну, якая малілася. Знайшоўся на ўказаным месцы не толькі абразок — на камені, дзе гарэла свечка, яскрава адбіўся след нагі Багародзіцы.

ЧИТАЙТЕ ТАК ЖЕ:  Почему справиться можно только сообща и почему СМА не приговор

Заснаваны ля святыні манастыр у розныя часы належаў розным канфесіям, але абраз Маці Божай Жыровіцкай заўсёды шанаваўся і шануецца людзьмі як агульнанародная святыня.

Месца знаходжання. Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр ў вёсцы Жыровіцы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці.

Маці Божая Будслаўская

Гісторыя з’яўлення.  У 1598 годзе абраз — Адзігітрыя, намаляваная ў духу італьянскага Рэнесансу, — быў падараваны ў Рыме папам Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Ваявода вельмі шанаваў ікону і заўсёды вазіў з сабою. Пасля смерці Паца абраз застаўся яго капеляну Ісаку Салакаю. У 1613 годзе Салакай, які быў у Будславе ў Вялікі чацвер і пятніцу, узрушаны набажэнствам, а таксама просьбай айцоў, ахвяраваў абраз касцёлу і там жа ў хуткім часе памёр. Першы цуд ад абраза зафіксаваны ў 1617 годзе — вяртанне зроку 5-гадоваму хлопчыку Язафату Тышкевічу, які пазней стаў вядомым ксяндзом.

З таго часу ікона збаўляе людзей ад немачаў і няшчасцяў. Сёння гэта самы шануемы каталіцкі абраз на Беларусі. Штогод 2 ліпеня ў Будслаў прыходзяць і прыязджаюць сотні паломнікаў, каб пакланіцца Маці Божай.

Месца знаходжання. Санктуарый Маці Божай Будслаўскай у вёсцы Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.

Маці Божая Барунская

Гісторыя з’яўлення. Вядома, што абраз работы невядомага мастака належаў спачатку вядомаму місіянеру і прапаведніку айцу Іясафату Бражысу. Перад смерцю ён перадаў ікону свайму сваяку — Мікалаю Песляку. У 1691 годзе Песляк, якога Маці Божая таксама ўратавала ад цяжкай хваробы, меў аб’яўленне: Багародзіца паказала яму месца, дзе належала паставіць святыню і назваць гэта месца Барунамі. Калі на ўказаным месцы ў лесе пачалі ставіць крыж, сляпы ад нараджэння чалавек, які праходзіў побач, раптам пачаў бачыць. Вестка аб гэтым нязвыклым здарэнні хутка абляцела ўсё наваколле. На малітву да крыжа, дзе вісеў абраз, пачалі сцякацца натоўпы людзей, прыносячы свае ахвяраванні. Гэта дазволіла Песляку ўжо праз год пабудаваць Барунскую святыню.

ЧИТАЙТЕ ТАК ЖЕ:  «В какой-то момент я понял, что не могу встать без помощи рук». Комик Саша Калинкин о своей болезни

У 1839 годзе абраз з закрытага базыльянскага кляштара трапіў да сям’і Важыньскіх. Прадстаўнікі гэтага роду вазілі яго з сабою як найвялікшую каштоўнасць. Разам з імі ён вандраваў па розных гарадах, пакуль у 1922 годзе не вярнуўся назад, у Баруны. З таго часу Маці Божая, Суцяшальніца ўсіх засмучаных, як і шмат вякоў таму, чыніць цуды для тых, хто яе ўшаноўвае.

Месца знаходжання. Касцёл Святых Пятра і Паўла ў вёсцы Баруны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці.

Маці Божая Студэнцкая (Кангрэгацкая)

Гісторыя з’яўлення. Спіс з найбольш шануемага на беларускіх землях рымскага абраза Маці Божай Снежнай з’явіўся ў Гародні ў першай палове XVII стагоддзя. Назва “Снежная” пайшла ад цуду, які адбыўся пры закладцы святыні 5 жніўня 352 года. У паданні гаворыцца, што фундатары доўга не маглі выбраць месца для храма Багародзіцы і прасілі Яе выказаць сваю волю. Неўзабаве Панна Марыя з’явілася ў сне адначасова абодвум фундатарам і наказала, каб храм будавалі там, дзе выпадзе снег. І вось аднойчы на Эсквілінскім узгорку ў летнюю спёку выпаў снег, які дакладна абрысаваў план будучага храма.

Спіс гродзенскай іконы дамініканец прывёз з Рыма, а перад сваёй смерцю падарыў Альбрэхту Радзівілу, канцлеру Вялікага Княства Літоўскага. Затым абраз трапіў да Войцеха Жэляроўскага, уладальніка маёнтка Кульбакі каля Гродна, які падарыў яго марыянскай кангрэгацыі, што складалася з навучэнцаў езуіцкага калегіума (адсюль і назва — Студэнцкая, або Кангрэгацкая). З-за шматлікіх цудаў, якія адбываліся пры заступніцтве Маці Божай Кангрэгацкай, вернікі Гродна і ваколіц пачалі звяртацца да Яе як да сваёй апякункі.

У пачатку XVIII стагоддзя ў новазбудаваным езуіцкім касцёле для іконы была ўзведзена спецыяльная капліца, і з таго часу і па сённяшні дзень яна знаходзіцца там. Жыхары Гродна і ваколіц па-ранейшаму лічаць яе сваёй апякункай і звяртаюцца за дапамогай.

Месца знаходжання. Кафедральны касцёл у Гродне.

Народная газета

Похожие статьи:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *