Тры месяцы судовых цяжбаў, амаль падпісанае міравое пагадненне, і ў апошні момант – крок назад. Такі вось нечаканы паварот атрымала судовая справа паміж інвалідам-вазочнікам і Нацыянальным аэрапортам. Чаму ж бакі не здолелі знайсці супольную мову і хто ж перамог?
Яўген Шаўко ўзначальвае Рэспубліканскую асацыяцыю інвалідаў-вазочнікаў. Менавіта ягоная арганізацыя ў менскім аэрапорце праводзіла заняткі з работнікамі, як правільна абслугоўваць людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Але калі сам Яўген сутыкнуўся з рэальным сэрвісам, то… падаў у суд.
ЯЎГЕН ШАЎКО, СТАРШЫНЯ АСАЦЫЯЦЫІ ІНВАЛІДАЎ-ВАЗОЧНІКАЎ:
“Я быў перакананы, што пасля таго, як мы правялі навучанне, усе пытанні – развязаныя. Тыя скаргі, якія былі раней, 2005, 2008 гг., – здаецца, гэта было даўно. І на сённяшні дзень здавалася, што ўсё нармальна”.
Але скаргі ўсё адно працягваліся, інваліды сцвярджалі, што іх і надалей носяць на непрыстасаваных да транспарту крэслах. Яўген не мог у гэта паверыць. Бо і адмысловыя вазкі ў аэрапорту ёсць, і веды, як абслугоўваць людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
ЯЎГЕН ШАЎКО, СТАРШЫНЯ АСАЦЫЯЦЫІ ІНВАЛІДАЎ-ВАЗОЧНІКАЎ:
“У выніку, калі я сам паляцеў, высветлілася, што ўсё сапраўды гэтак, як кажуць іншыя вазочнікі. Выкарыстоўваюць вазкі, якія не прызначаныя для абслугоўвання людзей з інваліднасцю”.
І тут справа трапіла ў суд, які доўжыўся тры з паловаю месяцы. Сёння ж планавалі падпісаць міравое пагадненне. Подпіс збіраўся паставіць гендырэктар Нацыянальнага аэрапорту Дзмітрый Мелікян. Аднак у выніку кропку паставіў суд. Маральныя страты Шаўка ацанілі на 5 мільёнаў рублёў. Галоўнага ж патрабавання – забараніць аэрапорту выкарыстоўваць крэслы замест адмысловых вазкоў – не задаволілі.
СЯРГЕЙ ДРАЗДОЎСКІ, ОФІС ПРАВОЎ ЛЮДЗЕЙ З ІНВАЛІДНАСЦЮ:
“У любым выпадку мы будзем дабівацца, каб нашыя патрабаванні былі выкананыя: выкарыстоўванне адэкватных вазкоў, якія б адпавядалі ўсім патрабаванням”.
Зрэшты, вынік ад розгаласу, які дзякуючы працэсу атрымала справа, відавочны. Аэрапорт набыў 6 новых адмысловых вазкоў. Гэта адбылося ў тым ліку і дзякуючы прэсе, якая сачыла за працэсам. Хаця ўсіх праблемаў адзін суд супраць аднаго адказчыка не развязаў.
СЯРГЕЙ ДРАЗДОЎСКІ, ОФІС ПРАВОЎ ЛЮДЗЕЙ З ІНВАЛІДНАСЦЮ:
“Быў выпадак у Горадні, калі чалавек перамог у судзе мясцовае ДАІ, калі ён упаў на прыступках ДАІ. Быў выпадак у Светлагорску, калі адсудзіў чалавек у ЖКГ, быў выпадак суда ў Бабруйску, калі чалавек перамог у судзе праз тое, што ўпаў на дарозе”.
На каго наступнага звернуць увагу сябры арганізацыяў вазочнікаў? Яны самі гавораць, што гэта неістотна. Адная Беларуская чыгунка чаго вартая. Куды больш важна – гэта паслядоўна разбураць бар’ернае асяроддзе праз адстойванне сваіх правоў.
[youtube]http://www.youtube.com/watch?v=VwHpwpuZ2zw#t=101[/youtube]
Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”
http://belsat.eu/be/obiektyw/wiadomosci/a,9128,biezbarierny-miensk.html