Пра тое, як у Беларусі ладзяць фэйс-кантроль для інвалідаў – каардынатар «Офісу правоў людзей з інваліднасцю» Сяргей Драздоўскі распавядае ў «Размове Мацкевіча».
Паводле Сяргея Драздоўскага, у грамадскіх месцах у Беларусі людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць сутыкнуцца з фэйс-кантролем. Паводле яго, тэхнічных бар’ераў для таго, каб зрабіць архітэктуру прыязнаю для людзей на вазочках або са слабым зрокам, ужо не існуе.
Аднак ад «бар’ераў у галовах» чыноўнікі дагэтуль не могуць пазбавіцца. «Мы набудавалі гэтых пандусаў, а інвалідаў як не было, так і няма!» – давялося яму пачуць з вуснаў прадстаўнікоў улады. «Яны не разумеюць, што чалавеку трэба збудаваць пандус не проста дзеля таго, каб ён зайшоў, а дзеля таго, каб зайшоў дзеля чагосьці: атрымаць паслугу, прыняць удзел і гэтак далей», — кажа Сяргей. Паводле яго, у некаторых грамадскіх месцах людзям з абмежаванымі магчымасцямі ўвогуле ладзяць фэйс-кантроль.
Сам Сяргей стаў інвалідам за 30 секунд: даў нырца падчас плавання і ўдарыўся галавою аб дно. Тады яму было 22 гады. Паводле яго, гэткім чынам у Беларусі штогод шэрагі інвалідаў папаўняюць болей за сто асобаў. Сяргею цалкам давялося змяніць сваё жыццё. Перад траўмаю ён збіраўся стаць інжынерам-механікам (цяпер у вазочку гэта немагчыма), штодзень хадзіў у спортзал, любіў турыстычныя паходы.
Аказалася, што падарожжы – гэта не тое, ад чаго трэба адмаўляцца. Цяпер Сяргей часта бывае за мяжою. Калі казаць пра ўмовы для інвалідаў у іншых краінах, ён адразу ўзгавдае Польшчу. Яшчэ нядаўна ў справе арганізацыі безбар’ернага асяроддзя яна мала чым адрознівалася ад Беларусі. Суразмоўца ўзгадвае адну з апошніх паездак. Дырэктар прадпрыемства, якое яны наведвалі, стварыў усе ўмовы, каб у яго маглі працаваць людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Замест таго, каб наракаць на лішнія выдаткі, ён сказаў, што для яго гэта справа гонару.
АК, belsat.eu