«Для дзяцей – няня, для бацькоў – магчымасць адпачыць». Як у Мазыры рэалізоўваецца дзяржаўны сацыяльны заказ па сацыяльнай перадышцы

Адпачынак патрэбны ўсім. Сем’ям, якія выхоўваюць дзіця з інваліднасцю, ён патрэбны яшчэ больш. Вырашаць гэтую праблему дапамагае сацыяльная перадышка, якая паступова стала замацоўвацца ў якасці паслугі як у грамадскім, так і ў дзяржаўным сектары. Падчас эпідэміі супрацоўніцтва паміж дзяржаўнымі і грамадскімі аб’яднаннямі надзвычай важна: з прычыны таго, што дзеці з інваліднасцю па большай частцы зараз знаходзяцца дома, бацькі вымушаны кардынальна мяняць свой лад жыцця. Дзяржаўны сацыяльны заказ дапамагае зараз выжыць сем’ям і матэрыяльна, і псіхалагічна.

Сацыяльная перадышка як неабходнасць для мазырскіх сем’яў

З 1 мая ў Мазырскім раёне ў межах дзяржаўнага сацыяльнага заказу рэалізоўваецца праект «Сацыяльная перадышка для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю». Выканаўцам праекту стала Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам.

«Такая паслуга, як сацыяльная перадышка, вельмі патрэбна нашым сем’ям, бо тычыцца самых цяжкіх дзетак, – разважае Валянціна Бічыкава, старшыня Мазырскай арганізацыі «БелАДДзІіМІ». – Яны замацаваны за ўстановай, але ў сувязі са сваімі асаблівасцямі наведаць іх не могуць. Атрымліваецца, дзеці на руках у мам 24 гадзіны на суткі…»

Справа ў тым, што ў Мазыры і Мазырскім раёне пражывае 563 дзяцей з інваліднасцю, прытым каля чвэрці з іх – дзеці з цяжкай формы інваліднасці. Толькі 70 дзяцей навучаецца ў дзяржаўных установах школьнай і дашкольнай адукацыі. Некаторыя дзеці навучаецца ў мясцовым цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі, некаторыя праходзяць рэабілітацыю ва ўстанове «Цэнтр медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з псіханеўралагічнымі захворваннямі «Вясёлка»», якое, нагадаем, мясцовыя ўлады вырашылі зачыніць, а памяшканне аддаць пад дзіцячы садок. Гэта азначае, што цяпер бацькі мусяць вырашаць нешта з уласнай працай, каб даглядаць дзіця.

Сацыяльная перадышка –  добрая магчымасць для сям’і, каб вырашыць свае бытавыя пытанні, атрымаць псіхалагічную разгрузку, аднавіць сілы.

За рэалізацыю праекта «БелАДДзІіМІ» ўзялася яшчэ некалькі гадоў таму. Наогул, такую паслугу могуць аказваць і тэрытарыяльныя цэнтры, аднак для сем’яў, дзе ёсць дзіця, якому споўнілася больш за чатыры гады, і для поўных сем’яў паслугі няні могуць аказвацца на платных умовах. Толькі матэрыяльнае забеспячэнне, вядома, у такіх сем’ях невысокае.

ЧИТАЙТЕ ТАК ЖЕ:  Карта со всеми доступными для инвалидов местами появится в Беларуси

Валянціна Бічыкава распавядае, што ўсё пачалося з праекта «Няня на гадзіну»: «У нас заўсёды праходзіла шмат мерапрыемстваў для сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці з інваліднасцю. Напрыклад, у нас былі якасныя сустрэчы з псіхатэрапеўтам, якія былі вельмі патрэбны нашым мамам, толькі не было з кім пакінуць дзяцей. Таму мы і сталі ажыццяўляць гэты праект: у адным пакоі былі мамы, а ў іншым – дзеці з няняй. Падчас рэалізацыі праекту нашы няні сталі сапраўднымі прафесіяналамі. Яны валодаюць такой методыкай, як кінэстэтыкс (спосаб догляду за людзей з інваліднасцю). Таму няні, якія зараз працуюць па дзяржаўным сацыяльным заказе, могуць навучаць гэтай методыцы мам. Гэта вельмі важна ведаць – як падымаць дзіця так, каб не надарваць спіну. Гэтай методыцы навучаюць сясцёр Чырвонага крыжа».

Дапамога для сям’і Галіны

Галіна Кебец працуе настаўніцай і выхоўвае дваіх дзяцей. Малодшы – Глеб – мае цяжкую форму ДЦП. Галіна карысталася дапамогай няні яшчэ тады, калі праект рэалізоўваўся пры падтрымцы «БелАДДзІіМІ». Працягвае яна карыстацца паслугай і зараз: «Я працую на поўную стаўку, таму не аформлена па доглядзе дзіцяці і не атрымліваю грашовую дапамогу. Глеба ваджу ў цэнтр «Вясёлка», за які мы зараз змагаемся, то бок па буднях з 9 да 17 гадзін ён у гэтым цэнтры.

Зранку, калі мне трэба ісці на працу, а сына весці ў садок, мне складана. Але калі наша сям’я была ўключана ў рэалізацыю праекта, калі я атрымлівала паслугі сацыяльнай няні, я ведала, што ў сераду і чацвер я магла разлічваць на гэтую дапамогу. З 1 мая такую паслугу я магу атрымліваць зноў, бо па выніках праекта зараз аформіўся сацыяльны заказ. Ёй я карыстаюся некалькі разоў на тыдзень. Напрыклад, у сераду я працую да 17 і не паспяваю забраць сына з садка. Але я ведаю, што ў мяне ёсць няня. Яна яго і забірае. Пакуль я прыйду дадому, яны ўжо паспеюць пагуляць».

ЧИТАЙТЕ ТАК ЖЕ:  Лишённый возможности двигаться из-за миодистрофии Дюшенна пермяк, нашёл работу в одной из крупнейших компаний мира

– Для мяне гэта вельмі зручная паслуга, бо яна дапамагае вызваляць час: напрыклад, няня з сынам гуляюць на вуліцы, а я магу прыбраць кватэру. Бо сыну трэба шмат увагі, інакш ён злуецца, – дзеліцца Галіна. – Таму на выхадных з ім вельмі складана, а па буднях ён растрачвае энергію ў садку.

І сапраўды, падчас усёй нашай размовы ў слухаўцы чуліся незадаволеныя воклічы сына Галіны, які патрабуе маму назад.

Рэабілітацыйны цэнтр «Вясёлка» будзе працаваць да 1 ліпеня. «А калі яго не стане, што рабіць? – перажывае Галіна. – Атрымліваецца, дзіцё будзе дома. Маці таксама мусіць быць пастаянна дома». У такіх выпадках паслуга сацыяльнай няні проста неабходна.

Няня, якую заўжды чакаюць

Валянціна Чарвінская працуе зараз у рэабілітацыйным цэнтры «Вясёлка». Яна мае 25 гадоў досведу працы з асаблівымі дзецьмі. У самой Валянціны – унук з інваліднасцю. З Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам яна супрацоўнічала і даўно. А нядаўна ёй прапанавалі працаваць сацыяльнай няняй па дзяржаўным заказе на палову стаўкі. Другую палову стаўкі ўзяла іншая няня.

– У нас восем сем’яў, але дзве з іх – зараз на самаізаляцыі, – распавядае Валянціна Канстанцінаўна. – Я працую 20 гадзін на тыдзень, часам просяць пасядзець з дзіцём у суботу. Калі добрае надвор’е, то ходзім на шпацыр. Калі кепскае – сядзім дома, гуляем у настольныя гульні, чытаю казкі. Ім вельмі падабаецца слухаць казкі.

ЧИТАЙТЕ ТАК ЖЕ:  Парень с инвалидностью из Уфы сконструировал коляску-вездеход, чтобы ездить в любую погоду

– Як вы лічыце, ці патрэбны гэты праект сем’ям? – пытаю ў Валянціны Канстанцінаўны.

– Вы ведаеце, вельмі патрэбны, – дзеліцца няня. – Бацькі адчуваюць падтрымку, становяцца больш адкрытымі. Яны могуць звярнуцца па гэтую паслугу ў любы патрэбны момант. Праблема ў тым, што бацькі прызвычаіліся ўжо самі вырашаць такога кшталту праблемы ў межах сваёй сям’і. А тут яны адкрываюцца і – перастаюць баяцца. Гэта галоўнае.

Вікторыя Чаплева
Фота з архіва «БелАПДзІіМІ»

Источник http://wmeste.by/?p=50257

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *